ДУ́НІНА-МАРЦІНКЕ́ВІЧА ТЭА́ТР,
першы бел. тэатр. калектыў, створаны В.І.Дуніным-Марцінкевічам. Існаваў у 1840—50-я г. Наследаваў нар. традыцыі мастацтва, вызначаўся дэмакратызмам, абуджаў нац. самасвядомасць у гледачоў, пакінуў прыкметны след у гісторыі бел. сцэн. мастацтва, садзейнічаў яго станаўленню і развіццю. Выступаў пераважна ў фальварку Дуніна-Марцінкевіча Люцынка (каля Івянца), у Мінску, Бабруйску, Глуску і інш. У 1852 дзейнасць калектыву была забаронена ўладамі, і ён паказваў спектаклі фактычна нелегальна да 1856. Выступленні прымяркоўваліся да свят і ўрачыстасцей, для гэтага пісьменнік спецыяльна пісаў новую п’есу (большасць не збераглася). У спектаклях ужываліся рус., бел. і польск. мовы. У Мінску паказаны «Рэкруцкі яўрэйскі набор» (1841) і «Сялянка» («Ідылія», 9.2.1852; у ролях Іагана Бенатана і Навума Прыгаворкі раскрыўся яркі камедыйны талент Дуніна-Марцінкевіча). У трупу (больш за 20 чалавек) уваходзілі Дунін-Марцінкевіч, яго дочкі Каміла і Мальвіна, сын Міраслаў, К.Кжыжаноўскі, Ляўданскі, Лопат, Кабылінскі, Прушынскі і інш., хор сялян з Люцынкі. Быў аркестр.
т. 6, с. 261
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)